Студэнтам даюць на здыманне кватэры 9 тысяч рублёў!

А ўладальнікі кватэр згодныя здаць пакой толькі студэнтам канкрэтных спецыяльнасцяў
Шанец трапіць у лік шчаслівых жыхароў інтэрнатаў мае не больш за палову студэнтаў.
У Беларускім нацыянальным медыцынскім універсітэце нават не бяруцца падлічыць колькасць студэнтаў, заселеных у сем інтэрнатаў. Прарэктар па навучальнай частцы БНМУ Уладзімір Манулік упэўнены, што падобная сітуацыя характэрная не толькі для яго ўстановы.

Уладзімір Манулік: “Забяспечанасць іншагародніх студэнтаў інтэрнатамі, мякка кажучы, няпоўная. Аніводная з вышэйшых навучальных устаноў краіны не скажа: маўляў, у мяне пражываюць усе студэнты, якія маюць у гэтым патрэбу. Разлічваць на тое, што нам дадуць шмат грошай для пабудовы самастойнага інтэрнату — прынамсі несур’ёзна”.

Прынамсі несур’ёзна разлічваць і на кампенсацыю, прадугледжаную заканадаўствам. Студэнты, вымушаныя шукаць жыллё самі, атрымаюць ад дзяржавы ўсяго па 25% ад базавай велічыні — каля 9 тысяч беларускіх рублёў. Несур’ёзнасць сумы тлумачыцца тым, што яна прыраўноўваецца да сімвалічнай платы за пакой у дзяржаўным інтэрнаце.

Ува ўсіх універсітэтах, да якіх звярталася Еўрарадыё, існуюць праграмы дапамогі студэнтам у пошуку жылля, створаныя базы кантактаў ахвотнікаў здаць пакой ці кватэру. У Беларускім дзяржаўным універсітэце нават зрабілі інтэрнэт-рэсурс. Паводле слоў дырэктара студэнцкага гарадка БДУ Міхаіла Чарапеннікава, патрэбу ў засяленні сёння маюць каля 5000 чалавек — прыкладна палова.

Міхаіл Чарапеннікаў: “Мы давалі аб’явы ў перыядычных выданнях Мінска, мы расклейвалі аб’явы ў спальных раёнах — сабралі сваю ўласную базу, якая ўвогуле абсалютна задарма, і ёй можна карыстацца. Не ведаю такіх выпадкаў, калі нехта паступіў, не здолеў знайсці жыллё і вымушаны быў забраць дакументы. Тут вельмі важна, каб яны як мага раней даведаліся — дае ім жыллё БДУ ці не дае”.

Аднак наведвальнікаў створанай інтэрнэт-базы могуць чакаць сюрпрызы. Некаторыя ўладальнікі кватэр згодныя здаць пакой толькі студэнтам канкрэтных факультэтаў.

Супрацоўніца гарачай лініі БДУ: “Гэта звычайна не кватэры, а пакоі ў кватэрах. Пры тым, што вельмі шмат людзей са значна большым задавальненнем бяруць да сябе студэнтаў і нават просяць з нейкіх канкрэтных спецыяльнасцяў”.

Найбольш аптымістычна пазіраюць на жыллёвае пытанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі: 45% заселенасці студэнтаў спадзяюцца павялічыць у снежні — адчыніўшы дзверы новага інтэрнату. Прарэктар па навучальнай працы БДУІР Аляксандр Хмыль запэўнівае, што на вакзале студэнты начаваць не будуць, а вось у завадскіх інтэрнатах — могуць.

Аляксандр Хмыль: “У нас цудоўныя перспектывы. У снежні мы здаем новы інтэрнат на 240 месцаў падвышанай камфортнасці — нейкую частку заселім. Нашае кіраўніцтва абтэлефаноўвае прадпрыемствы, на якія мы дасылаем нашых выпускнікоў, з просьбай на нейкі час — год-паўгода — засяліць нашых студэнтаў у завадскія інтэрнаты — па тры-чатыры-пяць чалавек. Мы выйшлі на Мінгарвыканкам, на Камітэт па адукацыі з просьбай паглядзець інтэрнаты тэхнічных вучэльняў. Ніхто на вакзале начаваць не будзе!”.


Фота — segodnya.ua