Студэнты ў Венесуэле ўзбунтаваліся з-за адсутнасці ежы
У венесуэльскім штаце Мерыда ў панядзелак студэнты зладзілі сутычкі з паліцыяй, паведамляе ria.ru. Паведамляецца, што навучэнцы медыцынскага факультэта абурыліся рашэннем кіраўніцтва мясцовага ўніверсітэта зачыніць сталовыя — праз адсутнасць прадуктаў. Студэнты перакрылі дарогі вакол універсітэта ў горадзе Мерыда і пачалі паліць шыны.
Супраць моладзі былі кінутыя паліцыя і нацыянальная баліварыянская гвардыя, каб расчысціць дарогі. Супрацьстаянне вылілася ў буйныя сутычкі. Сілавікі ўжывалі слезацечны газ, у адказ студэнты шпурлялі камяні і іншыя прадметы.
Некалькі студэнтаў атрымалі лёгкія раненні, пра затрыманні інфармацыі пакуль няма.
Сітуацыя ў Венесуэле моцна абвастрылася на фоне дэфіцыту тавараў, галапіруючай інфляцыі і падзення даходаў дзяржавы, выкліканага зніжэннем цэнаў на нафту. Абвастрае сітуацыю і крызіс паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады, бо парламент пачаў працаваць пад кантролем апазіцыі.