Студэнты ўніверсітэта культуры змагаюцца за сумленнае будаўніцтва
Адпаведная грамадская кампанія пачалася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Навучэнцы занепакоеныя зацягваннем тэрмінаў будаўніцтва спартова-культурнага цэнтра універсітэта. Пра гэта БелаПАН паведаміла арганізатар кампаніі студэнтка Ніна Якімовіч. Таксама занепакоенасць студэнтаў выклікала непразрыстасць будаўніцтва і несправаздачнасць фінансавання перад студэнцкай і акадэмічнай супольнасцю ўніверсітэта.
Будаўніцтва спартова-культурнага цэнтра на вуліцы Рабкораўскай пачалося ў 2007 годзе. Завяршыцца яно мусіла ў 2011 годзе. Аднак цяпер заканчэнне будаўніцтва адсунутае па тэрмінах. І, па словах Якімовіч, будаўніцтва не ссунулася з мёртвай кропкі.
Таму студэнты звярнуліся да міністра культуры Барыса Святлова, які з 2008 года па снежань 2012 года быў рэктарам універсітэта. У звароце, які падпісалі ўжо больш за 500 чалавек, міністра просяць узяць пад асабісты кантроль будаўніцтва, яго фінансаванне, а таксама інфармаваць грамадскасць пра яго этапы.
У адказ на зварот студэнтаў на афіцыйным сайце ўніверсітэта была апублікавана інфармацыя пра этапы будаўніцтва цэнтра. Між іншага паведамляецца, што скончыць будаўніцтва мяркуецца ў другім квартале 2014 года.
Фота — abiturient.by