Студыя “ОСМАС” выдае самы шчыры каляндар беларускіх музыкаў

Мінская студыя гуказапісу “ОСМАС” рыхтуецца выдаць самы шчыры фота-каляндар з выявамі зорак беларускай музыкі і адмаўляецца ад “фаташопу” .
Павел Юрцэвіч, дырэктар студыі, распавёў Еўрарадыё, што гэты праект прыдумаў фатограф Улад Някрасаў:

“Мы вырашылі пафатаграфаваць тых артыстаў, з якімі працуе студыя “ОСМАС”. Нам падалося, што варта звяртаць больш увагі на нашых музыкаў. Таму мы і вырашылі зрабіць універсальны каляндар. Калі я кажу “універсальны”, то маю на ўвазе безтэрміновы. То бок, вам не прыйдзецца выкінуць яго, калі год скончыцца. Мы зрабілі яго такім, каб ім можна было карыстацца ў любым годзе”.

Што тычыцца стылю музычнага календара ад студыі “ОСМАС, то гэта будзе стыль падобны на сусветнавядомыя партрэты Марціна Шолера для часопіса “Esquire”

Павел Юрцэвіч
і Ўлад Някрасаў плануюць адмовіцца ад апрацоўкі фатаграфій “фаташопам”. Павел лічыць, што надта апрацаваныя лялечныя твары хаваюць індывідуальнасць чалавека, таму ў календары ад студыі “ОСМАС” з’явяцца самыя шчырыя вобразы беларускіх музыкаў. Без апрацоўкі:

“Вядома, калі будзе нешта крымінальнае на твары, скажам, прышчык ці сіняк, то мы гэта паправім, але ніякімі “падцяжкамі” твару і маскіроўкай маршчын мы займацца не будзем. Я ўпэўнены, што партрэты мусяць быць жывымі, сапраўднымі, бо самае галоўнае, ўсё ж такі,кажуць вочы чалавека. Я, праўда, не ведаю, як да гэтай навіны паставяцца жанчыны-музыкі, мы яшчэ не абмяркоўвалі гэта. Але мне падаецца, што мы дамовімся. Нашы жанчыны адэкватныя і заўсёды вельмі прыгожыя”.

Дарэчы, еўрапейскія краіны ўжо пакрысе змагаюцца за шчырасць вобразаў у глянцавых выданнях. Так, напрыклад, нямецкі журнал Brigitte адмовіўся ад паслуг прафесійных фота мадэлей і цяпер працуе са звычайнымі жанчынамі. Здаецца, што студыя “ОСМАС” стане самай першай, хто выдасць фатаграфіі вядомых людзей беларускага свету музыкі без глянцавага камуфляжу.

Фота-каляндар будзе распраўсюджвацца бясплатна і стане адначасова і падарункам, і прома-матэрыялам студыі “ОСМАС”. Каляндар можна будзе атрымаць у самой студыі.

У фотасесіі праекту ўжо прынялі ўдзел Зміцер Вайцюшкевіч (гурт “WZ orchestra”), Аляксандр Кулінковіч (“Neuro Dubel”), Алег Хаменка (“Палац”), Вольга Самусік, Зоя Каральчук ( “ZM99”, экс-“Зьмяя”), Ганна Хітрык (“ДзеціДзяцей”) Руся (экс “Indiga”, гурт “Акана”) і іншыя артысты.