Супраць Uber у ЗША пачалі расследаванне за софт, які падманваў чыноўнікаў
Мінюст ЗША пачаў крымінальнае расследаванне супраць кампаніі Uber Technologies. Прычынай стала выкарыстанне праграмаў, якія дапамагалі кіроўцам абыходзіць мясцовыя рэгулюючыя органы, паведамляе РБК са спасылкай на Reuters.
Кампанія выкарыстоўвала праграму "Greyball", якая можа "пазначаць" некаторых карыстальнікаў для таго, каб яны бачылі іншую версію дадатка. У гэтых версіях у розных сітуацыях Greyball змяняў рэальнае месцазнаходжанне машын Uber. Напрыклад, калі кіроўцам пачыналі пагражаць або іх працу спрабавалі абмежаваць чыноўнікі. Мясцовыя ўлады маглі шукаць кіроўцаў, каб аштрафаваць іх, канфіскаваць аўтамабіль або перашкодзіць дзейнасці.
Пры гэтым кампанія аналізавала крэдытную інфармацыю, прыладу карыстальніка, месцазнаходжанне ды іншыя фактары, каб даведацца, ці не будзе запыт на паездку небяспечным для кіроўца. Калі паездка падавалася незаконнай, кіроўца пабачыў бы гэта ў дадатку і не паехаў бы да такога кліента.
Uber мог заходзіць далей за ўмовы, прапісаныя ў пагадненні з карыстальнікам. Напрыклад, кампанія магла атрымліваць звесткі пра крэдытную картку, каб даведацца, ці быў кліент звязаны з крэдытнымі арганізацыямі, якімі карыстаецца паліцыя, або правяраць яго профілі ў сацсетках.
Кампанія спыніла выкарыстоўваць "Greyball" у сакавіку 2017-га, калі New York Times паведаміла пра існаванне такой праграмы. Па звестках выдання, праграма выкарыстоўвалася з 2014 года ў Парыжы, Лас-Вегасе, Аўстраліі ды Паўднёвай Карэі, а таксама ў Арэгоне і Портлендзе.