Супрацоўніца баранавіцкага ваенкамата: "Грэка-каталікі - гэта секта"

Алесь Краўчэня, актывіст дэмакратычнага руху, адлічаны з 4-га курса інжынернага факультэта Баранавіцкага дзяржуніверсітэта, атрымаў позву з ваенкамата, ён мусіць з'явіцца на медкамісію.  Наш карэспандэнт Іван Юрашчык распавядае пра дзіўную заяву, якую пачуў Краўчэня ад супрацоўніцы ваенкамата:

"Анкету ў ваенкамаце Алесь запоўніў на беларускай мове. У графе "веравызнанне" пазначыў "грэка-каталік". Супрацоўніца ваенкамату сказала, што гэта не канфесія, а секта".


Заява дзіўная,бо грэка-каталіцкія парафіі дзейнічаюць у Беларусі абсалютна легальна, у тым ліку і ў Баранавічах.

Нагадаем, што Алесь Краўчэня быў выключаны з універсітэта, нібыта, з-за таго, што ён не здаў курсавую работу. Сам Алесь кажа, што праблемы пачаліся пасля яго інтэрв'ю, змешчанага ў мясцовай недзяржаўнай газеце, дзе ён распавёў пра ўціск на дэмакратычную моладзь ва ўніверсітэце і крытычна выказваўся пра БРСМ.

Фота - intex-press.com