Суздальцаў: Расія хоча іншага прэзідэнта ў Беларусі

Заявы кіраўніка Адміністрацыі расійскага прэзідэнта сведчаць, што канфлікт паміж расійскім і беларускім кіраўніцтвам працягнецца. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з Еўрарадыё расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.
Нагадаем, 13 кастрычніка адбылася сустрэча Сяргея Нарышкіна з беларускімі журналістамі. Па словах Суздальцава, гэтая сустрэча не стане крокам да прымірэння паміж афіцыйным Мінскам і Масквой. На яго думку, гэта толькі падзвядзенне вынікаў інфармацыйнай барацьбы краін.
 
Суздальцаў: "Гэта цалкам бюракратычнае мерапрыемства, дзе сказана вельмі выразна, што Расія не збіраецца ўмешвацца ў беларускія выбары. Але Расія гатовая працаваць з новым прэзідэнтам. Ідэалогія расійскага кіраўніцтва ў дачыненні да Беларусі – гэта вычляненне з агульнага кантэксту асобы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. З астатняй дзяржавай, з наменклатурай, з беларускім народам Расія не сварылася".

А на думку беларускага палітолага Святланы Навумавай, Сяргей Нарышкін добры дыпламат. У яго прамове кожны пачуў тое, што хацеў. Нехта пачуў працяг канфлікту, нехта- прымірэнне.

Навумава: "Стратэгічна мне здаецца, што гэта не працягнутая рука сяброўства. Гэта спроба крыху прыгасіць канфлікт. Але сам канфлікт будзе пакуль працягвацца".