Свая генетычна мадыфікаваная бульба ў Беларусі з'явіцца праз 10 гадоў

Еўрапейскі вышэйшы суд абавязаў урады еўрапейскіх краінаў паведамляць насельніцтву пра тое, дзе менавіта на іх тэрыторыях вырошчваюцца генетычна мадыфікаваныя культуры.  Паводле звестак назіральнікаў, генетычна мадыфікаваныя прадукты вырошчваюцца ў сямі краінах. Улады не распаўсюджвалі гэтую інфармацыю, каб пазбегнуць знішчэння пасеваў радыкальнымі экалагічнымі рухамі.

Еўрарадыё вырашыла запытацца, ці вырошчваюцца ў Беларусі такія прадукты. Спецыяліст Нацыянальнага Каардынацыйнага цэнтру бяспекі пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі Барыс Анушчанка распавёў нам, што на тэрыторыі Беларусі генетычна мадыфікаваныя прадукты ўвогуле не вырошчваюцца.

Пры гэтым, калі ў будучыні іх пачнуць вырошчваць, беларускае заканадаўства прадугледжвае права грамадзянаў на атрыманне інфармацыі, дзе і хто іх вырошчвае. Праўда, дакладная працэдура атрымання інфармацыі ў законах не прапісаная:

“У нас у законе прапісанае права грамадзянаў на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі пра любую юрыдычную асобу, якая займаецца ці працуе з генна-інжынернымі арганізмамі. То бок, у прынцыпе такую інфармацыю нашыя грамадзяне могуць атрымаць. Проста пакуль яшчэ да канца не прадуманы шлях, як гэта можна зрабіць”.

Летась на беларускіх інтэрнэт-парталах з’явілася інфармацыя пра тое, што ў нас будзе вырошчвацца генетычна мадыфікаваная бульба. Каментуючы гэтую інфармацыю, спадар Анушчанка распавёў, што пакуль што такая бульба не вырошчваецца і бліжэйшым часам вырошчвацца не будзе:

“Інфармацыя была, але так бульба і не з’явілася. Па-другое, нават калі зараз, у бліжэйшыя гады, і будзе створаная, то да таго, як яна пойдзе, скажам, на палі, у калгасы ці на фермы, пройдзе яшчэ гадоў 10-12”.

Таксама эксперт адзначыў, што нават пры з’яўленні ў беларускіх крамах генетычна мадыфікаваных прадуктаў нашыя пакупнікі абароненыя адмысловай маркіроўкай, якая інфармуе пра наяўнасць генна-інжынерных арганізмаў:

“На прадуктах так: у нас ёсць пастанова, у нас усе прадукты правяраюцца, і на генна-інжынерныя арганізмы ставіцца маркіроўка – утрымлівае генна-інжынерныя арганізмы”.



Фота — upload.wikimedia.org