Сябра Партыі БНФ 10 разоў не ўзялі на працу

Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў чарговы раз паспрабаваў уладкавацца на працу па накіраванні Цэнтру занятасці. 10-я па ліку спроба аказалася безвыніковай. Па звестках Радыё "Свабода", Леанід Аўтухоў атрымаў накіраванне ў Гарадоцкі лясгас, дзе былі вакансіі рознарабочых і раскрыжоўшчыкаў лесу. Даведаўшыся, што на працу прыйшоў уладкоўвацца "бээнэфавец", актывіста выклікаў дырэктар лясгасу. Ён паведаміў, што вакансій рознарабочых ужо няма, а для працы раскрыжоўшчыка неабходнае пасведчанне пра адпаведную кваліфікацыю, якога Леанід Аўтухоў не мае.

Актывіст кажа, што 10 разоў на працягу гэтага году спрабаваў уладкавацца на працу толькі афіцыйным шляхам — праз Цэнтр занятасці. Прыкладна столькі ж разоў прыходзіў да працадаўцаў сам і па пратэкцыі знаёмых. Адмовы звычайна гучалі адразу пасля таго, як у ім пазнавалі вядомага ў раёне апазыцыянера.

Леанід Аўтухоў страціў працу ў сакавіку 2007 году. Ён працаваў аператарам ачышчальных збудаванняў у Гарадку, і з ім не працягнулі кантракт пасля таго, як ён пачаў адкрыта выказваць свае палітычныя погляды і браць удзел у апазіцыйных акцыях.