“Сямейны клан” “выкрыты”, але працуе далей
“Сямейны клан” Аляксея Дзямко са Столінскага раёна па-ранейшаму працуе на сваіх старых месцах. І амаль усе суддзі, якія праходзілі па справе пракурора Міхаіла Снегіра, таксама на сваіх пасадах. Звольнілі толькі в.а. старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, што змянілася пасля гучных заяў вышэйшых асоб.
Нагадаем, у канцы мінулага года кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімір Макей праверыў дзейнасць дзяржаўных органаў і выкрыў частыя факты фармалізму, пратэкцыянізму, сямейнасці. Тады Макей прадставіў толькі адзіны прыклад Столінскага раёна, дзе адна сям’я заняла шмат дзяржаўных пасадаў.
Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі, пасаду старшыні райвыканкама на Століншчыне займае Аляксей Дзямко, старшыні раённага сходу — сястра ягонай жонкі, кіраўніка аднаго з аддзелаў — ягоны сын, мясцовымі калгасамі кіруюць ягоныя сват і брат, а стрыечны брат кіруе следчым аддзелам мясцовай падатковай інспекцыі.
Здавалася б, такая згадка — сігнал да хуткіх дзеянняў, і сям’я Дзямко вось-вось страціць свае пасады.
На справе аказалася інакш. Усе працуюць, як і працавалі. Толькі не там, дзе казаў Макей.
"Там толькі адно маё прозвішча правільнае было, — скардзіцца Еўрарадыё старшыня Столінскага райвыканкама Аляксей Дзямко. — Проста трэба было даводзіць да агульнага ведама, хаця ўсе ведалі, што там адныя недакладнасці".
Сапраўды, недакладнасцяў мы знайшлі шмат. Напрыклад, старшыня раённага сходу — Людміла Кісель — стрыечная сястра жонкі старэйшага брата, а не родная сястра ягонай жонкі, а кіраўнік СПК "Палеская ніва" Мікалай Ожаг — сват старэйшага брата. Між тым, Аляксей Дзямко прызнаўся, што з блізкіх сваякоў “прыстроіў” толькі сына, ды і тое часова.
Аляксей Дзямко: "У мяне сваякоў у дзяржаўных структурах ніколі не было. Мой сын толькі пасля войска і гістарычнага факультэта, часова падмяняе кіраўніка аддзела моладзі. Сват — гэта не мой сват, пра якога пісалі, што старшыня аднаго з лепшых СПК вобласці, а сват майго брата. Пляменнік, ягоны сын, кіруе пры дзяржкантролі аддзелам фінансавых расследаванняў. Ён працаваў у абласной пракуратуры, а потым запрасілі яго сюды. Старшыня райсавета Кісель Людміла Пятроўна — гэта зусім чужы чалавек. Яна стрыечная сястра жонкі майго старэйшага брата. Якая ва ўладзе яшчэ з тых часоў, калі я працаваў у калгасе".
Аляксей Дзямко пасля акадэміі 7 год працаваў інжынерам, 4 гады начальнікам упраўлення, 15 год быў старшынёй СПК і толькі 6 год таму стаў старшынёй райвыканкаму. А старэйшы брат, пра якога казаў Макей, кіруе СПК ужо з 1977 года.
Аляксей Дзямко: "Тое, што мой родны брат кіруе лепшай гаспадаркай краіны 32 гады, а я толькі 6 год, як старшынёй стаў. Сям'я такая ў бацькі была, 6 сыноў і 3 дачкі".
А вось яшчэ адна гучная справа. Суддзі, якія праходзілі па справе пракурора Міхаіла Снегіра, таксама засталіся на сваіх пасадах. Праўда, не ў поўным складзе. Звольнілі толькі Алену Ільіну, якая выконвала абавязкі старшыні суда Цэнтральнага раёна Мінска і была галоўным фігурантам у гэтай справе. Міністр юстыцыі Віктар Галаванаў заявіў, што да суддзяў Валерыя Есьмана і Таццяны Паўлючук пакуль не знойдзена дастаткова доказаў, каб іх звольніць, і яны проста “шчыра памыляліся”. У прэс-службе Вярхоўнага суда Еўрарадыё пацвердзілі, што абодва суддзі па-ранейшаму працуюць.
На фота кадр з фільму "Хросны айцец": timeout.ru