Сям'я Класкоўскага можа застацца без уласнага жылля
Пасля арышту Класкоўскага, яго жонка засталася з трыма дзецьмі на руках. Наталля — у дэкрэтным адпачынку, і атрымлівае - 285 тысяч рублёў.
Летась Аляксандр Класкоўскі як шматдзетны бацька атрымаў магчымасць пабудаваць кватэру па ільготным крэдыце і нават паспеў зрабіць некалькі ўнёскаў. На пачатку студзеня яму мусілі адкрыць крэдытную лінію на суму, якой сям’і не ставала на будаўніцтва. Аднак у ноч на 21 снежня Аляксандра Класкоўскага арыштавалі. "На атрыманне крэдыту нам не хапіла літаральна двух тыдняў", — распавяла жонка зняволенага Наталля.
Пасля арышту мужа жанчына засталася з трыма дзецьмі на руках. Наталля — у дэкрэтным адпачынку, і з усіх прыбыткаў у сям’і толькі 285 тысяч рублёў дзяржаўнай дапамогі. Наталля гаворыць, што калі б не сваякі і сябры, не ведае, як яны ўвогуле б існавалі, паведамляе Белсат.
Цяпер Наталля шукае паручальнікаў на атрыманне крэдыту — будаўніцтва дому мусіць завяршыцца сёлета ў снежні. Але, як прызналася жанчына, на станоўчае рашэнне банку яна амаль не спадзяецца: "Вядома, я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, аднак у банку мне ўжо намякнулі, што крэдыт я наўрад ці атрымаю".
"Нават калі жонка зможа ўзяць даверанасць ад мужа і знойдзе паручальнікаў, шанец атрымаць крэдыт зусім мізэрны. Бо галоўны наймальнік сядзіць у турме, а сям’я ёсць неплацежаздольнаю", — тлумачыць працаўнік аднаго з мінскіх банкаў.
Былы працаўнік міліцыі Аляксандр Класкоўскі абвінавачваецца паводле артыкулу аб масавых беспарадках; таксама яго вінавацяць у абразе прадстаўніка улады і самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы. Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.