Сярэдні сын Лукашэнкі падпісаны на экстрэмісцкі паблік у Інстаграме

Дзмітрый Лукашэнка

Дзмітрый Лукашэнка / БЕЛТА

Дзмітрый Лукашэнка, сярэдні сын кіраўніка Беларусі, мае ў сацсетках "экстрэмісцкія" падпіскі, за якія звычайных людзей караюць. Гэта высветлілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".

Яны знайшлі таемны інстаграм-акаўнт Дзмітрыя Лукашэнкі. Профіль быў зарэгістраваны ў верасні 2021 года ў Беларусі пад імем Дзмітрый. У ім ёсць узаемныя падпіскі з членамі сям’і Дзмітрыя Лукашэнкі: дочкамі Анастасіяй, Дар’яй і Аляксандрай. А таксама з жонкай Ганнай Лукашэнка, якая мае адразу два акаўнты ў Інстаграме: афіцыйны пад творчым псеўданімам Ганна Сялук і асабісты пад дзявочым прозвішчам — Ганна Гаравікова.

У сярэдняга сына Лукашэнкі вялікі спіс узаемных хакейных кантактаў, а таксама — узаемныя падпіскі з топ-менеджарамі Прэзідэнцкага спартовага клуба (ПСК), які Дзмітрый кантралюе з 2005 года. Ёсць сярод яго фаловераў, напрыклад, і скандальна вядомы бізнесовец Дзмітрый Баскаў.

Сярод навінавых акаўнтаў Дзмітрый Лукашэнка падпісаны на такія дзяржаўныя СМІ і паблікі, як БЕЛТА, "Пул першага", "Ваўкавыск Life" і ONT music.

Але, як высветліла "Бюро", ён падпісаны і на інстаграм-акаўнт @belarusnovosti2, які прызнаны экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. Згодна з беларускім заканадаўствам, за "садзейнічанне экстрэмізму" (падпіску) Дзмітрыю Лукашэнку належыць як мінімум адміністрацыйнае спагнанне. Звычайных беларусаў пераследуюць за падпіскі, падабайкі і рэпосты, абавязваюць плаціць штрафы або адбываць пакаранне за кратамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.