Сяргей Чалы: Рэальнае беспрацоўе складае 9%

Рэальнае беспрацоўе ў Беларусі можа складаць 9%. Пра гэта сайту "Заўтра тваёй краіны" паведаміў эканаміст Сяргей Чалы. Па ягоных словах, афіцыйныя звесткі не адлюстроўваюць рэальнага становішча справаў, аднак беспрацоўе ў нашай краіне сапраўды не вельмі высокае. У крызіс у нас не звальняюць работнікаў, як ва ўсім свеце, а пераводзяць на няпоўную занятасць.

Сяргей Чалы прагназуе трэцюю хвалю крызісу, якая закране спажыўца. Першая, фінансавая хваля, "накрыла" міжнародныя інвестыцыйныя банкі і скончылася ў верасні мінулага года. Пасля гэтага крызіс перакінуўся на рэальны сектар. І толькі цяпер нас чакаюць рост кепскіх крэдытаў — іпатэчных, аўтамабільных, спажывецкіх — і паніжэнне спажывання, бо дагэтуль народ праядал "заначкі" або жыў у крэдыт.

На думку эканаміста, гэта павінна адбіцца і на фінансавым сектары, і на рэальным. На першым — праз пагаршэнне крэдытных партфеляў, а на другім — за кошт паніжэння попыту. Паколькі ў Беларусі не прайшла яшчэ другая фаза крызіса, то ў нашай краіне адбудзецца адначасова і скарачэнне вытворчасці, і скарачэнне прыбыткаў.