Сяргей Касціцын і Руслан Салей зноў вызначыліся ў НХЛ

Беларускія хакеісты Руслан Салей і Сяргей Касціцын вызначыліся галявымі перадачамі ў чарговых матчах чэмпіянату НХЛ. Абаронца "Фларыды" Руслан Салей дапамог канадцу Грэгары Кэмпбэлу, які закінуў адзіную шайбу сваёй каманды ў паядынку з "Піцбургам".
На жаль, каманда Салея прайграла — 1:3. Яго бамбардысцкі рахунак павялічыўся да 16 ачкоў (3 шайбы плюс 13 пасоў) у 43 сустрэчах.

Пачатковец НХЛ 20-гадовы форвард "Манрэаля" Сяргей Касціцын зрабіў галявую перадачу капітану каманды фіну Саку Койву пры першым узяцці варот саперніка ў пераможным матчы з "Чыкага" — 4:3 (у авертайме).

На рахунку Касціцына-малодшага стала 7 ачкоў (2 плюс 5) у 12 паядынках. Яго 22-гадовы старэйшы брат Андрэй у гэтай сустрэчы балаў не набраў, перапыніўшы сваю трохматчавую бамбардысцкую серыю.

Андрэй Касціцын па-ранейшаму з'яўляецца лідэрам "беларускага дэсанта" у цяперашнім чэмпіянаце НХЛ, зарабіўшы ў 38 паядынках 23 (11 плюс 12) ачкі.

БЕЛТА