Сяргей Каваленка правёў на волі толькі 5 хвілін

У Першамайскім райаддзеле міліцыі Віцебска на Сяргея Каваленку склалі пратакол за парушэнне рэжыму, за што яму далі яшчэ 15 сутак арышту.

Пра гэта Радыё "Свабода" паведаміла жонка актывіста Алена.

Актывіст дагэтуль адбывае так званую 3-гадовую "хатнюю хімію", на якую быў асуджаны пасля вывешвання бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы летась у студзені. Ягоны выхад 24 сакавіка ў цэнтр Віцебска з трыма бел-чырвона-белымі сцягамі быў прызнаны судом дробным хуліганствам і пакараны 7 суткамі арышту, а цяпер і яшчэ 15 суткамі — за парушэнне рэжыму адбывання леташняга пакарання.