Сярод лаўрэатаў прэміі “Люблю Беларусь” — журналіст Еўрарадыё
Міжнародная моладзевая арганізацыя “Малады фронт”, зарэгістраваная ў Чэхіі, другі раз уручыла ўзнагароды прэміі “Люблю Беларусь”.
Імпрэза прайшла 12 лютага на ўправе Партыі БНФ у Мінску, паведамляе БелаПАН.
Прэмію ўручалі ў васьмі намінацыях: “Беларусізацыя”, “Палітыка”, “Культура”, “Спорт”, “Pro-Belarus”, “Журналістыка”, “Грамадская дзейнасць” і “Змагар года”. Усяго было 39 прэтэндэнтаў на прэмію. У намінацыі “Беларусізацыя” перамагла “Беларуская вікіпедыя”. У намінацыі “Pro-Belarus” найлепшай стала Марыя Содэрберг — арганізатар штогадовых “Шведскіх дзён” у Беларусі, у часе якіх выступаюць пісьменнікі дзвюх краінаў, праходзяць канцэрты і паказы фільмаў.
У намінацыі “Журналістыка” перамог карэспандэнт “Еўрарадыё” Зміцер Лукашук. Яго ўганаравалі за тое, што ён прымусіў Аляксандра Лукашэнку на прэс-канферэнцыі адказаць на пытанне пра месцазнаходжанне Ўладзіміра Някляева.
У намінацыі “Культура” перамог Лявон Вольскі з альбомам “Белая яблыня грому". У намінацыі “Палітыка” — перамог Уладзімір Някляеў. Найлепшым у намінацыі “Спорт” стаў баец Віталь Гуркоў, які выйграў супертурнір К-1 World Max ва Ўсходняй Еўропе ды ўразіў выдатным веданнем беларускай мовы, на якой даў інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлебачанню.
У намінацыі “Змагар года” прэмія прысуджаная палітвязням, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі ў выніку разгону акцыі 19 снежня. А ў намінацыі “Грамадская дзейнасць” прэмію атрымалі ініцыятары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Бяляцкі і Алег Гулак.
Пераможцы атрымалі дыпломы і кветкі. Арганізатары паабяцалі ўручыць і статуэткі — пасля таго, як іх верне КДБ. Як раней паведамлялася, супрацоўнікі Камітэту канфіскавалі восем статуэтак, прызначаных для лаўрэатаў прэміі “Люблю Беларусь”.