Сярога агучыць бегемота-лавеласа

Рэпер Сярога  ўзяў удзел у дубляжы другой часткі мультфільму «Мадагаскар», дзе агучыў новага персанажа – бегемота-лавеласа Мота-Мота.

У арыгінальнай версіі Мота-Мота кажа голасам удзельніка Black Eyed Peas Will.i.am, а ў фінскай – вакаліста HIM Віле Вала.

Прэм'ера мультфільма ў Расіі адбудзецца 30 кастрычніка. А у наступным годзе на экранах з'явіцца і сам Сярога. Зараз у Кіеве амаль скончыліся здымкі рамантычнай камедыі «Бландынка ў накаўце», у якой музыка выканае галоўную мужчынскую ролю – закаханага баксёра.

Партнёркай Сярогі па фільме стала зорка расійскага тэлебачання Маша Маліноўская. Прэм'ера «Бландынкі ў накаўце» адбудзецца ў 2009 годзе і будзе прымеркаваная да Дня ўсіх закаханых.

Нагадаем, што ў жніўні гэтага году, Сярога выдаў новую кружэлку «Хроніка хлапчука з гомельскіх вуліц», якая можа стаць апошняй працай у яго дыскаграфіі.

Паводле словаў рэпера, «гэты альбом закліканы паставіць кропку ў праекце «Сярога». Калі будзе выдадзены чацвёрты альбом, то я сам вельмі моцна здзіўлюся. Проста няма жадання апынуцца ў ліку тых артыстаў, якія ўжо нікому не патрэбныя».

Фота: www.newsmusic.ru