Сын Ленана злавіў Fox News на хлусні

Старэйшы сын Джона Ленана Джуліан аспрэчыў чуткі пра тое, што ён упершыню выступіць на адной сцэне са сваім зводным братам Шонам. 29 студзеня аглядальнік амерыканскага тэлеканала Fox News Роджэр Фрыдман паведаміў, што сыны Ленана, якія раней ніколі не гралі на публіцы разам, выступяць 26 лютага ў Нью-Ёрку на дабрачыннай цырымоніі Millenium Goal Awards, якую патрануе ААН.

Неўзабаве на старонцы Джуліана Ленана ў сетцы MySpace з'явілася аспрэчанне гэтай інфармацыі. "Цікава, ці кажуць на Fox News праўду ў прынцыпе? Яны нават не знайшлі час звязацца з кімсьці з нашых прадстаўнікоў альбо прадзюсараў цырымоніі, каб праверыць праўдзівасць інфармацыі", - піша ў сваім блогу Джуліан. Каментароў з боку Шона Ленана пакуль не паступала.



Джуліан і Шон Ленаны абодва пайшлі па слядах свайго знакамітага бацькі. Джуліан, сын ад першага шлюбу "бітла" з Сінціяй Ленан, да сваіх 45 гадоў выпусціў пяць студыйных альбомаў. 33-гадовы Шон, сын Ленана ад шлюбу з Ёка Она, запісаў тры альбомы.




Фота: www.russianamerica.com