Сын Януковіча за год да гібелі хацеў змяніць прозвішча

Сын экс-прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча за год за гібелі збіраўся ўзяць прозвішча сваёй бабулі і стаць Віктарам Давыдавым. Як паведамляе інтэрнэт-выданне “Левый берег” са спасылкай на крыніцу, блізкую да сям’і Януковічаў, гэту працэдуру планавалася правесці ў Расіі. Туды пасля змены ўлады ва Украіне экс-прэзідэнт з’ехаў разам з дзецьмі. Аднак выданне не мае інфармацыі, ці завяршылася працэдура па змене прозвішча.

Сын былога ўкраінскага прэзідэнта, Віктар Януковіч-малодшы загінуў на возеры Байкал. Ён разам з групай сяброў вырашыў праехацца на машыне па тонкім лёдзе. Лёд праламіўся і машына пайшла пад ваду. Януковіч-малодшы, які быў за рулём, патануў, пасажыры машыны ўратаваліся.

Звесткі пра яго смерць падвердзіў адзін з паплечнікаў Януковіча Нестар Шуфрыч, а затым дарадца МУС Украіны Віктар Герашчанка. Пры гэтым афіцыйных пацверджанняў з расійскага боку не было — у зводках МНС Расіі фігураваў загінулы ўраджэнец Масквы Віктар Аляксеевіч Давыдаў.  

Праз некаторы час крыніца РИА Новости у расійскіх сілавых структурах распавяла, што сын былога ўкраінскага прэзідэнта мог знаходзіцца ў Расіі з дакументамі на іншае імя. Паводле крыніцы, расійскія ўлады маглі прызнаць яго маючым патрэбу ў абароне і выдаць новыя дакументы — такія захады прадугледжаныя заканадаўствам.

Інфармацыя аб інцыдэнце на Байкале з’явілася на сайтах мясцовых упраўленняў МУС і МНС, але пасля супрацоўнікі апошняга ведамства выдалілі навіну, піша newsru.com

Віктар Януковіч-малодшы трапіў пад санкцыі Еўрасаюза пасля падзеяў на Майдане.

Фота з сайта politobzor.net