Сёння адзначаецца Дзень беларускай навукі

Дзень беларускай навукі адзначаецца 25 студзеня. З гэтай нагоды дзеячоў навукі, працаўнікоў навукова-даследчых інстытутаў і вышэйшых навучальных установаў са святам павіншаваў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. Як падкрэсліў Лукашэнка, Беларусь ганарыцца вялізным адукацыйным і інтэлектуальным патэнцыялам, а вынікі творчай працы беларускіх даследчыкаў і дасягненні айчынных навуковых школаў атрымалі шырокае прызнанне ў свеце.

"У сучасных умовах навука і інавацыі асабліва патрэбны нашаму грамадству. Толькі на іх аснове магчымае паспяховае вырашэнне маштабных задачаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія мы перад сабой паставілі", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Сёння дзяржава чакае ад навукоўцаў наватарскіх ідэяў і эфектыўных распрацовак інавацыйных тэхналогій ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу, засваення новых відаў прадукцыі, глыбокіх даследаванняў у сацыяльных і гуманітарных навуках, цытуе віншаванне БЕЛТА.