Сёння беларускія тэнісісты стартуюць на Ўімблдонскім турніры

Сёння на травяных кортах Усеанглійскага тэніснага клуба ў прадмесцях Лондана пачынаецца знакаміты Ўімблдонскі турнір - адзін з чатырох з серыі "Вялікага шлема". У асноўнай сетцы спаборніцтваў старт прымуць пяцёра беларускіх тэнісістаў. Максім Мірны ў першым раўндзе адзіночных спаборніцтваў згуляе з тайванцам Лю Енсунам, Вікторыя Азаранка сустрэнецца з Еланай Костаніч-Тосіч (Харватыя), Таццяна Пучак - з украінкай Вікторыяй Кутузавай, Анастасія Якімава - з Каралін Вазняцкі (Данія), а Вольга Гаварцова, якая прабілася ў асноўны турнір праз тры кругі кваліфікацыі, пазмагаецца з тэнісісткай з Нямеччыны Грэтай Арн.

Акрамя таго, у парных спаборніцтвах пасеяны пад другім нумарам дуэт Мірны - Ёнас Б’ёркман (Швецыя) згуляе са скандынаўскім тандэмам у складзе шведа Роберта Ліндстэтда і фіна Ярка Ніеменіна.

У асноўнай сетцы парных спаборніцтваў нашы тэнісісткі будуць гуляць у дуэтах з расіянкамі: Азаранка з Ганнай Чакветадзэ, Пучак з Васілісай Бардзінай, а яшчэ адна беларуска Кацярына Дзегалевіч і Кацярына Іванова пачнуць выступы з кваліфікацыі.

У юніёрскіх спаборніцтвах у асноўнай сетцы выступіць 16-гадовы мінчук Уладзімір Ігнацік, які ў гэтым сезоне ўжо выйграў адкрыты чэмпіянат Францыі. Яшчэ два прадстаўнікі нашай краіны ў юніёрскім турніры - Андрэй Каратчэня і Ксенія Мілеўская - пачнуць турнірны шлях з кваліфікацыі. Адзначым, што за ўсю гісторыю Ўімблдона найбольшага поспеху сярод беларусаў у адзіночным разрадзе дабіўся Уладзімір Валчкоў, які гуляў у паўфінале ў 2000 годзе, а чатырма гадамі раней, у 1996-м, ён быў пераможцам у спаборніцтвах юніёраў. У парным разрадзе мінчанка Наталля Зверава пяць разоў была чэмпіёнкай Ўімблдона.

Агульны прызавы фонд найстарэйшага ў свеце тэніснага турніру сёлета складае амаль 11,3 млн. фунтаў стэрлінгаў - рэкордная сума. Упершыню прызавыя будуць пароўну падзеленыя паміж мужчынамі і жанчынамі, а раней, нагадаем, перамогі мужчын ацэньваліся некалькі вышэй жаночых. Пераможцы і прызёры цяперашняга неафіцыйнага чэмпіянату свету на травяных кортах стануць вядомыя праз два тыдні - 8 ліпеня.

БЕЛТА