Сёння будуць названыя намінанты на "Оскар"

Сёння, 22 студзеня, у Лос-Анджалесе абвесцяць назвы фільмаў-намінантаў на самую прэстыжную ў свеце кінапрэмію - "Оскар".
Абвяшчэнне намінацый пачнецца ў 15:38 па мінскім часе ў тэатры Сэмюэла Голдуіна ў Бевэрлі-Хілз.

Імёны ўладальнікаў "Оскара" па падліках 2007 года будуць абвешчаныя 24 лютага на юбілейнай - 80-й цырымоніі ўручэння залатых статуэтак у тэатры Кодак у Лос-Анджалесе.

Прэмія прысуджаецца за дасягненні ў розных галінах кіно ў 24 катэгорыях.

Раней паведамлялася, што ў шорт-ліст прэтэндэнтаў на "Оскар" патрапілі два фільмы расійскіх рэжысёраў — "12" Сяргея Міхалкова і "Мангол" Сяргея Бадрова-старэйшага.

У ліку фільмаў, якія лічацца асноўнымі прэтэндэнтамі на вышэйшую ўзнагароду ў галоўных намінацыях, называюць "Адкупленне", "Старым тут не месца" і "Суіні Тод".

"Адкупленне" - экранізацыя рамана Ена Мак'юэна рэжысёра Джо Райта, яна ўжо атрымала "Залаты глобус" у намінацыі "Лепшы фільм года". Паводле сюжэту, 13-гадовая Брыёні вінаваціць жаніха сваёй старэйшай сястры Сэсіліі ў злачынстве, якога ён не здзяйсняў.

У выніку Робі трапляе за краты, а Сэсілія адмаўляецца верыць Брыёні. Акрамя таго, на шляху Сесіліі і Робі ўстае Другая сусветная вайна.

Фільм "Старым тут не месца" — гэта трылер братоў Коэнаў. Гісторыя, якая разгортваецца ў заходнім Тэхасе ў 1980 годзе і распавядае пра маладога в'етнамскага ветэрана. Ён спрабуе збыць наркотыкі, але вымушаны ўцякаць з поўным куфарам грошай ад двух кілераў, якія жадаюць іх адабраць.

"Суіні Тод" - гэта экранізацыя мюзікла рэжысёра Ціма Бартана, галоўную ролю ў якім адыграў Джоні Дэп. Фільм распавядае пра памылкова асуджанага цырульніка віктарыянскай Англіі, які вырашыў адпомсціць свайму суддзі. Ён уступае ў злачынную змову з суседам, якому пастаўляе целы забітых кліентаў.

Фота: www.toxicshock.tv