Сёння — футбольны матч Англія—Беларусь

Нацыянальная зборная Беларусі правядзе 14 кастрычніка апошні матч адборачнага турніру да чэмпіянату свету — 2010. Як нагадвае nn.by, гульня пройдзе ў Лондане, на знакамітым стадыёне "Уэмблі". Пачатак а 22-й паводле мінскага часу. Прамая трансляцыя будзе весціся на БТ. Нагадаем, што год таму ў Мінску англічане перамаглі — 3:1.

З турнірнага гледзішча сённяшні матч нічога не вырашае. Беларусы — ці выйграюць, ці прайграюць — застануцца на 4-м месцы ў групе. Англія яшчэ месяц таму датэрмінова заваявала пуцёўку на чэмпіянат свету.

Але калі беларусы выйграюць, яны набяруць 16 балаў (цяпер у нашых 13 балаў, 4 перамогі, 1 нічыя, 4 паразы), гэта будзе наш найлепшы вынік у адборачных цыклах.

У турніры да чэмпіянату свету — 2002 беларусы набралі 15 балаў, але занялі 3‑е месца, следам за Польшчай і Украінай. У адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы — 2008 наша зборная таксама заняла 4‑е месца, але 13 балаў набрала ў 12 гульнях.

Турнірнае становішча: Англія — 24, Украіна — 18, Харватыя — 17, Беларусь — 13, Казахстан — 6, Андора — 0.