Сёння працягнуцца пошукі беларускіх турыстак, зніклых у тайзе

Расійскім ратавальнікам пакуль не ўдалося знайсці трох беларускіх турыстак, якія заблукалі ў тайзе.
Як паведаміла прэс-сакратар Зінаіда Буртоўская, учора пошукам зніклых займалася 14 чалавек — 9 дэсантнікаў, 5 ратавальнікаў і верталёт, аднак жанчын не знайшлі.

Увечары 30 ліпеня дэсант ратавальнікаў знайшоў занатоўку, якую пакінулі турысткі. У ёй паведамлялася, што яны рухаюцца на захад уздоўж ракі Нюхча.

Па шляху жанчыны пакідаюць зарубкі на дрэвах. 31 ліпеня ратавальнікі разлічвалі знайсці іх. Аднак, паводле слоў Буртоўскай, "да вечара зарубкі сталі трапляцца ўсё радзей, і кожную з іх трэба доўга шукаць".

Сёння верталёт працягне пошукі беларусак, паведамляе БелаПАН. Нагадаем, напрыканцы мінулага тыдня жанчыны пайшлі ў лес па ягады і не вярнуліся. Турысткі былі ў складзе групы 11 беларусаў, якія сплаўляліся па рацэ Нюхча ў Беламорскім раёне.

Жанчын шукаюць з дапамогай верталёта і некалькіх груп ратавальнікаў і мясцовых жыхароў. Яны зніклі ўжо сем дзён назад.