Сёння ў Беларусі пройдзе тэставанне па беларускай мове

12 чэрвеня ў Беларусі адбываецца першае тэставанне — па беларускай мове. Па звестках Міністэрства адукацыі, на гэтае выпрабаванне зарэгістравалася больш за 69 тыс. абітурыентаў. Паводле правілаў, абітурыент павінен з'явіцца на месца правядзення выпрабаванняў не пазней чым за 30 хвілін да пачатку. Пры сабе неабходна мець дакумент, выдадзены пры рэгістрацыі на тэставанне, дакумент, які сведчыць асобу, а таксама асадку з чорным стрыжнем. Падчас выпрабавання нельга карыстацца любымі сродкамі захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі, запісамі і дапамогай іншых абітурыентаў. Калькулятары можна выкарыстаць толькі на тэставанні па фізіцы і хіміі.

За парушэнні падчас тэставання абітурыента выдаляць з аўдыторыі і пазбавяць правf атрымання сертыфіката. Летась падчас выпрабаванняў 138 чалавек прыйшлі без дакументаў і не былі дапушчаныя да тэставання, 70 — былі выдаленыя за розныя парушэнні: выкарыстанне мабільных тэлефонаў і шпаргалак, абмен заданнямі.

БелаПАН