Сёння ў Гродне святкуюць альтэрнатыўныя Дні горада

Альтэрнатыўныя Дні горада святкуюць сёння ў Гродне. З раніцы пачалася адкрытая навуковая канферэнцыя "Дзяржаўныя і сацыяльныя структуры Гародні". А 18-й гадзіне запланавана прэзентацыя новых кніг на гісторыка-культурную тэматыку.
На канферэнцыі працуе дзве секцыі: “Гародня эпохі ВКЛ: дзяржава, суд, грамадства” і “Горад і яго жыхары ў ХІХ – ХХ стагоддзях”. Больш за 20 гісторыкаў з Беларусі і Польшчы абмяркоўваюць вынікі сваіх даследаванняў.

Як зазначыў гродзенскі гісторык Алесь Смалянчук, аргкамітэт канферэнцыі звяртаўся ў бібліятэкі, музеі і ўніверсітэты горада, каб правесці мерапрыемства ў іх. Аднак усюды атрымліваў адмову. Канферэнцыя праходзіць у зале па вуліцы Будзёнага, 48а.

Адзначым, што ў кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” выйдзе зборнік матэрыялаў канферэнцыі. Гэта будзе трэцяе выданне навуковых артыкулаў пра Гродна пад назвай “Гарадзенскі палімпсест”.

Нагадаем, ідэя зборніка паўстала пасля скандалу, які 2 гады таму разгарэўся на гістарычным факультэце гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Вядомых гісторыкаў Алеся Смаленчука і Алеся Краўцэвіча ў апошні момант выключылі са спісу ўдзельнікаў канферэнцыі “Гродна і гродзенцы: дзевяць стагоддзяў гісторыі”. Прычына была выключна ідэалагічнай: Смалянчук і Краўцэвіч актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі супраць разбурэння старога Гродна ўлетку 2007 года.

На знак салідарнасці з калегамі каля 40 навукоўцаў заявілі пра свой байкот канферэнцыі на гістфаку. Тады “рэпрэсаваныя” гісторыкі вырашылі ўсё ж заслухаць даклады, што не прагучалі ва ўніверсітэце. У рамках Дзён Святога Губерта яны правялі канферэнцыю, а серыя “Гарадзенская бібліятэка” выдала зборнік навуковых матэрыялаў “Гарадзенскі палімпсест”. Натхнёныя першым поспехам і цікавасцю з боку грамадскасці і даследчыкаў, гродзенскія гісторыкі праводзяць буйное навуковае мерапрыемства ўжо трэці раз.


Алесь Смалянчук расказвае пра гісторыю зборнікаў “Гарадзенскі палімпсест”.


Зборнікі навуковай канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест” выходзяць у кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”, заснаванай Аляксандрам Мілінкевічам.


Афіцыйны лагатып Дзён Святога Губерта.