Сёння ў Вільні ўпершыню выставяць беларускае сучаснае мастацтва

Сёння ў віленскім Цэнтры сучаснага мастацтва адбудзецца адкрыццё выставы "Дзверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёння" — першай на сённяшні дзень прэзентацыі беларускіх сучасных мастакоў у Літве. Будуць выстаўленыя працы такіх беларускіх аўтараў як Артур Клінаў, Руслан Вашкевіч, Алена Давідовіч, Уладзімір Цэслер і Сяргей Войчанка. Гандлёвы і культурны абмен паміж Літвой і Беларуссю ў апошнія дваццаць гадоў адбываўся ў вельмі малым аб’ёме — як у выніку цяперашняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі, так і з прычыны выключна празаходняй арыентацыі мэтаў і перспектываў Літвы, паведамляе Generation.bY

Вернісаж адбудзецца ў чацвер, 18 лістапада 2010 г. у 18:00 у Цэнтры сучаснага мастацтва (Вільня, вул. Вокечу, 2).

Сустрэча з мастакамі
: пятніца, 19 лістапада 2010 г., 14:00—18:00

Канферэнцыя: субота, 20 лістапада 2010 г., 13:00—17:00

Працягнецца выстава да 9 студзеня 2011 году.