Сёння з Акрэсціна павінен выйсці Вадзім Кабанчук

Сёння, 24 лютага ў 17-00 з ізалятара на Акрэсціна пасля 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у Плошчы-2010 павінен выйсці сябра аргкамітэта БХД Вадзім Кабанчук, які падчас прэзідэнцкіх выбараў уваходзіў у штаб кандыдата Віталя Рымашэўскага, паведамляе прэс-служба БХД.
 

Кабанчук быў затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары ў нядзелю 13 лютага, таму павінен быў быць вызвалены яшчэ ўчора, 23 лютага. Але суткі, якія Вадзіма трымалі ў Ашмянскім РАУСе, спрабуючы абвінаваціць у супраціве супрацоўнікам мытні, у час арышту яму не залічылі.

Нагадаем, Кабанчук вяртаўся ў Беларусь з Вільні і быў затрыманы на памежным пераходзе Каменны лог на мяжы з Літвой. Ён меў пры сабе каля 100 асобнікаў газеты пра падзеі ў краіне пасля прэзыдэнцкіх выбараў, выдадзеных беларускімі актывістамі па-за межамі Беларусі. Мытнікі пры аглядзе канфіскавалі гэтыя інфармацыйныя матэрыялы на экспэртызу, склаўшы адпаведны пратакол.