Сённяшні матч БАТЭ - "Андэрлехт" будуць судзіць ірландскія арбітры

Сёння на гарадскім стадыёне Барысава адбудзецца паўторны матч 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіёнаў БАТЭ - "Андэрлехт" (Бельгія). Гульня пачнецца а 19-й гадзіне. Яе будзе судзіць брыгада арбітраў з Ірландыі на чале з Аланам Кэлі, паведамляе БЕЛТА.
Нагадаем, тыдзень таму БАТЭ сенсацыйна перамог гаспадароў поля з лікам 2:1 і цяпер мае добрыя шансы, каб выйсці ў наступны круг спаборніцтваў.

Склад барысаўчан аслаблены дыскваліфікацыяй Міхаіла Сівакова і Ігара Стасевіча, але, магчыма, на поле выйдзе найлепшы бамбардзір каманды Генадзь Блізнюк, які залечваў траўму.

Пераможца пары БАТЭ - "Андэрлехт" у 3-м кваліфікацыйным раўндзе сустрэнецца з балгарскім клубам "Леўскі" з Сафіі. Летась БАТЭ ўжо выходзіў у 3-ці раўнд, дзе не здолеў прайсці румынскую "Сцяўа" (2:2 - на сваім полі, 0:2 - у гасцях).