Тацяна Шапуцька рыхтуецца да навучання ў ЕГУ і суда з БДУ

Маладафронтаўка Таццяна Шапуцька атрымала ліст за подпісам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Жука. У афіцыйным адказе на скаргу дзяўчыны чыноўнік адказаў, што яе выключэнне з юрыдычнага факультэта БДУ адбылося на абсалютна законных падставах. Як паведаміла сама Таццяна ў інтэрв'ю Еўрарадыё, цяпер яна з дапамогай праваабаронцаў з Беларускага Хельсінкскага камітэту рыхтуе скаргу ў суд. На працягу месяца дзяўчына мяркуе падаць адпаведны зварот.

Паралельна Шапуцька шукае новы варыянт далейшага навучання. Яна ўжо мае прапановы ад Еўрапейскага гумантарнага ўніверсітэта, размешчанага ў Вільні:

Таццяна Шапуцька: Прынамсі, ў аўторак мяне запрасілі да кіраўніцтва ЕГУ. Там будзе абмяркоўвацца пытанне наконт майго аднаўлення адразу на другім курсе дыстанцыйнай формы навучання на кафедры паліталогіі, каб не губляць два гады. То бок, я буду "працаваць на ўсіх франтах" - як праз суд, так і самастойна шукаючы вучобу.

Калі ж суд адновіць яе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзяўчына не пакіне ЕГУ. Яна лічыць, што справіцца з навучаннем адразу ў двух універсітэтах.

Нагадаем, Таццяну Шапуцьку выключылі з другога курсу паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ за тое, што дзяўчына ўдзельнічала ў Грамадзянскім форуме Усходняга партнёрства ад імя "Маладога фронту".