Тамара Лісіцкая і Алег Хаменка запісалі для дзяцей беларускія казкі

У нядзелю 8 чэрвеня ў кінатэатры "Перамога" пройдзе адкрытая прэзентацыя 10-ці дыскаў аўдыёказак серыі "Беларускія народныя казкі". У праграме чытанне казак удзельнікамі праекта, музычныя нумары і дэманстрацыя мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей на вялікім экране.

Упершыню ў нашай краіне выпушчаны ўнікальны зборнік у аўдыёварыянце. У запісе прымалі ўдзел лідэр этна-гурта "Палац" Алег Хаменка, тэле- і радыёвядучая, пісьменніца Тамара Лісіцкая, мастацкі кіраўнік дзіцячага калектыву "Калыханка", адзіная ў Беларусі прафесійная апавядальніца менавіта беларускіх народных казак Людміла Рыжкова.

Казкі ў дзяцей прадукт папулярны. Адна аўдыёказка слухаецца дні прыкладна два-тры, а затым патрэбна новая, - распавяла Тамара Лісіцкая, - Так што мала іх не бывае. А ўжо беларускія народныя казкі на роднай мове - прадукт наогул унікальны! Думаю, спыняцца на 10-ці кампактах сапраўды не варта. У мяне дома, напрыклад, ёсць казкі з гэтай серыі і знаходзяцца яны ў такой жа "ратацыі", як і ўсе астатнія. Яны гэтак жа залапаныя дзіцячымі пальцамі, як казкі, напрыклад, рускія: гэта значыць дзеці з задавальненнем іх слухаюць, і я гэтаму вельмі рада. Я разумею каштоўнасць беларускай мовы і неабходнасць перадаць яе будучым пакаленням. Да таго ж, казкі - гэта выдатныя ўрокі культуры і сацыялогіі. Я так прасяклася філасофіяй казак падчас запісу!!! У іх выкладзеная ўся праўда пра нас. Не адзін герой не з'яўляўся проста так - на то яны і народныя казкі, каб характарызаваць настроі і асаблівасці рэальных людзей.

Прэзентацыя серыі дыскаў пройдзе пры падтрымцы дзіцячага фонду ЮНІСЕФ у выглядзе канцэрту-сустрэчы са стваральнікамі праекта: Алег Хаменка распавядзе пра гісторыю праекта і дасць міні-канцэрт, Тамара Лісіцкая і Людміла Рыжкова раскажуць казкі. Дзіцячы калектыў "Калыханка" пацешыць выступам дзяцей і іх бацькоў, якія наведаюць прэзентацыю. Таксама чакаецца прысутнасць беларускага этна-калектыву "Гуда", які выканае тры кампазіцыі, мелодыі якіх увайшлі ў гэты зборнік. Адмысловы госць - вядомы беларускі дудар Кастусь Трамбіцкі.

Пасля казачна-канцэртнай праграмы - праграма мультыплікацыйная: на вялікім экране кінатэатра "Перамога" юных і сталых гледачоў чакае паказ мультфільмаў, якія былі знятыя па матывах беларускіх народных казак.

Пачатак у 13.00. Уваход вольны.