Тэлефанаваць са Skype пасля 18 верасня можна будзе без праблем
18 верасня 2016 набывае моц пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце, якая датычыць кантролю над IP-тэлефаніяй. Дакумент быў абнародаваны 20 ліпеня.
Каментуючы новаўвядзенні, супрацоўнікі ААЦ паведамілі парталу tut.by, што для карыстальнікаў нічога не зменіцца пры адпраўцы паведамленняў і званкоў усярэдзіне месэнджара (з Viber на Viber або са Skype на Skype).
Змены закрануць тых, хто спрабуе тэлефанаваць з месэнджараў на гарадскія ці мабільныя тэлефоны або прымае такое тэлефанаванне на свой месэнджар з тэлефона. Skype заключыла дамову з беларускімі аператарамі на тэрмінацыю трафіку, таму карыстальнікі гэтага месэнджара змогуць працягваць спакойна тэлефанаваць.
Viber і іншыя месэнджары пакуль не падпісалі такія дамовы. Таму ў іх карыстальнікаў могуць узнікнуць праблемы з тэлефанаваннямі на вонкавыя тэлефонныя нумары.
Ці можна будзе пасля 18 верасня з Беларусі затэлефанаваць на мабільныя тэлефоны ў іншыя краіны праз Skype і Viber? На гэтае пытанне супрацоўнікі ААЦ адказалі так: "Указ №98 і зацверджанае палажэнне рэгламентуюць дзейнасць па пропуску трафіку на тэрыторыі Беларусі. У выпадку, калі ўладальнікам сэрвісу не парушаны парадак пропуску трафіку на сетках электрасувязі Беларусі, вы зможаце ажыццявіць (прыняць) званок".