Тэлефонныя пагрозы атрымала відэааператар "Нашай нівы"

Як паведаміў сайт выдання, у 17.25 невядомы патэлефанаваў на хатні нумар Гаўрыльчык і два разы сказаў: "Будзеце мець бледны выгляд і рэдкія зубы".

19 снежня Гаўрыльчык здымала на відэа акцыю пратэсту ў Мінску "як штатная журналістка афіцыйна зарэгістраванага выдання". 31 снежня чатыры супрацоўнікі КДБ правялі вобыск у яе кватэры, канфіскавалі камп'ютар і аргтэхніку. Падчас вобыску кадэбісты вусна прапанавалі Таццяне прыехаць да іх на гутарку 3 студзеня, паведамляе "Наша Ніва"

На гутарку Гаўрыльчык прыйшла з адвакатам і адмовілася гаварыць без яго. У сваю чаргу супрацоўнік КДБ адмовіўся гаварыць у прысутнасці адваката.

У выніку размова не адбылася, а праз дзве гадзіны было ананімнае тэлефанаванне. "Афіцыйная скарга ў міліцыю па факце пагроз журналістцы "НН" будзе накіраваная неадкладна", — паведамляе сайт выдання.