Тэлеканалы ў Мінску зноў памяняліся месцамі

Сёння ранкам мінчукі не знайшлі ўлюбёныя тэлеканалы на звыклых кнопках. Яны зноў перамяшаліся як і месяц таму. Высветлілася, што згодна з пастановай ўрада прадпрыемства “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі” вырашылі сабраць усе каналы сацыяльнага пакета разам.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік дырэктара па вытворчасці МТІС Аляксандр Жытавоз.

Аляксандр Жытавоз: “У папярэднія перыяды праграмы сацыяльнага пакета, альбо агульнадаступныя праграмы, былі раскіданыя па ўсім частотным плане. І для таго, каб іх згрупаваць і выдзеліць у асобны блок праграм, іх трэба было паслядоўна паставіць адну за другой. Гэтыя праграмы ўсе прысутнічаюць у кабелі нашых абанентаў”.

Але, як высветлілася, не ўсе тэлевізары гатовыя да рэформы. Асабліва тыя айчынныя “Гарызонты” і “Віцязі”, якім больш за 10 гадоў. Але выкідаць іх намеснік дырэктара не раіць, а прапануе перарабіць.

Аляксандар Жытавоз: “Мяняць тэлевізары я б не спяшаўся. Абсалютная большасць іх, з тэрмінам эксплуатацыі больш за 15 гадоў, звычайна маюць нядрэнныя замежныя кінескопы 51 ці 54 дыяганалі, і фізічна яны яшчэ могуць паслужыць. Але ў гэтых тэлевізарах пажадана замяніць селектар каналаў”.

Для гэтага, кажа ён, неабходна звернуцца альбо ў сервісныя цэнтры, альбо ў спецыяльныя арганізацыі, якія гэтым займаюцца.