Тэнісныя корты супраць лядовых палацаў

Тэніс не з’яўляецца ў Беларусі звышпапулярным відам спорта, але мае ўсе шанцы стаць такім. На сустрэчы з удзельнікамі зборнай Беларусі па тэнісе, што адбылася пасля апошняга матчу Кубку Дэвіса, Аляксандр Лукашэнка распавёў пра намер адкрыць у краіне Акадэмію тэнісу.

Каб даведацца, ці вядзецца ўжо праца ў гэтым напрамку, мы патэлефанавалі ў Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.


Чыноўнік: “Сітуацыя такая. Вы бачылі ўчора матч і, напэўна, зразумелі, што інфармацыя была адразу пасля матчу. І даручэнне канкрэтнае нам яшчэ не прыходзіла”.


Прапанова Аляксандра Лукашэнкі стала неспадзяванкай не толькі ў міністэрстве, супрацоўнікі аддзела планавання і спартовага аналізу якога пакуль не валодаюць нават элементарнай статыстычнай інфармацыяй па стану развіцця тэнісу ў краіне.


Уладзімір Валчкоў, які, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, мог бы ўзначаліць Акадэмію тэнісу, лічыць “заўчасным абмяркоўваць гэтае пытанне”. Нас, праўда, галоўным чынам цікавіць не тое, хто будзе кіраваць новай навучальнай установай, а тое, чым яна будзе адрознівацца ад цэнтраў тэнісу і спартовых школ.


Адказ на гэтае пытанне мы вырашылі шукаць у Расіі, дзе ўжо працуе некалькі тэнісных акадэмій.


Менеджэр з чалябінскай Акадэміі тэнісу: “Нашая Акадэмія складаецца з трох кортаў. Заняткі праводзяцца з дзецьмі ад чатырох гадоў і вышэй, а таксама з дарослымі. Штосуботу ў нас клубны мужчынскі дзень.


Таксама праз нядзелю ў нас чаргуюцца дзіцячы клубны дзень і жаночы. Яны гуляюць між сабой, мы ладзім спаборніцтвы. Таксама яны выязджаюць на далейшыя раённыя мерапрыемствы, атрымліваюць граматы.


Школу заканчваеш — там, мабыць, атрымліваеш нейкі атэстат, дыплом ці яшчэ нешта. А ў нас — гэта для самаразвіцця кожнага чалавека. Толькі адбываецца навучанне…”


Такім чынам, Акадэмія тэнісу ў расійскім разуменні гэтага словазлучэння — гэта нешта накшталт вялікага забаўляльнага комплексу, галоўнай фішкай якога з’яўляюцца тэнісныя корты. Прызначэнне такой установы не ўздымаць узровень развіцця спорту ў краіне, а банальна зарабляць грошы.


Таксама бізнэс-праектам, але крыху больш грунтоўным і нашмат больш рэальным, уяўляецца будаўніцтва двух тэнісных кортаў у Мінску, якое ў 2008 годзе распачнецца па ініцыятыве Макса Мірнага. Распавядае бацька Макса, Мікалай Мірны.


Мікалай Мірны: “Натуральныя планы — развіваць тую справу, у якой ты разбіраешся. Мы спярша інвестуем грошы ў крыху больш дробнае будаўніцтва. А потым ужо, адтуль “дастаўшы”, як той казаў, грошы, будзем інвеставаць у гэтае будаўніцтва. Бо там будзе вельмі буйны праект.


Для каго ён? Для аматараў тэнісу: для дзяцей, дзя дарослых. Канечне, будуць там групы, думаю, нейкіх перспектыўных дзяцей — з бясплатным часам, бясплатнымі кортамі”.


Вялікі тэніс заўсёды быў калі не элітарным, дык досыць дарагім відам спорту. Пра тое, колькі будзе каштаваць “экіп” для чалавека, які вырашыў займацца тэнісам, мы распыталі прадаўцоў крамы “СпортМастер”:


Прадавец:Дзіцячыя ракеткі — ад 80 тысяч рублёў і вышэй, недзе да 200 тысяч. Дарослыя могуць быць аматарскімі, спартовымі, клубнымі,— ад 120 да 600 тысяч... Па мячыках — ад 12 да 20 тысяч (па тры штучкі яны ў нас прадаюцца). Каб насіць экіп, спатрэбіцца вялікая сумка — ад 80 тысяч і вышэй”.


Калі падсумаваць усе гэтыя лічбы, атрымаецца наступнае: акрамя грошай на трэніроўкі, толькі на спартовы інвентар тэнісны пачатковец павінен будзе выкласці ад 280 тысяч беларускіх рублёў да мільёна...


А яшчэ мячыкі для трэніровак трэба рэгулярна мяняць. І голым у тэніс граць не будзеш… Карацей, калі адчуваеце недахоп спорту ў сваім жыцці не чакайце адкрыцця Акадэміі тэнісу. Лепш запішыцеся ў басейн. Кажуць, што і для здароўя гэта карысна нашмат больш.


Фота — photo.bymedia.net