Тэрарысту Брэйвіку адмовілі ў рэгістрацыі фашысцкай партыі
Асуджаны на 21 год турмы за тэракт у Осла падаў заяўку на стварэнне палітычнай асацыяцыі “Фашысцкая партыя Нарвегіі і Паўночная ліга”.
Улады, адказныя за рэгістрацыю такіх ініцыятываў, тлумачаць адмову: для стварэння асацыяцыі трэба сама меней два чалавекі, а ў заяўцы фігуруе толькі адзін Андэрс Брэйвік. Да таго ж, ён не падаў неабходныя арганізацыйна-прававыя ўмовы, якія рэгулююць дзейнасць партыі.
Але тэрарыста гэта не спыняе. Яго адвакат паведаміў, што падасць новую заяўку на стварэнне асацыяцыі, у якой будуць выкананыя ўсе юрыдычныя нормы, паведамляе РИА Новости са спасылкай на заходнія інфармагенцтвы.
Андэрс Брэйвік 22 ліпеня 2011 года зладзіў выбух у Осла, у выніку якога загінулі 8 чалавек. Затым у моладзевым лагеры на выспе Утоя ён адкрыў стральбу — загінула 69 чалавек.
Фота: Рolit.pro