Therion выдаюць “Sitra Ahra”

Шведскія металісты Therion скончылі працу над новым альбомам, паслядоўнікам выдадзенага ў 2007-м годзе падвойнага “Gothic Kabbala”.  Рэліз дыска, які атрымаў назву “Sitra Ahra”, запланаваны на восень 2010-га. Запіс і міксаванне матэрыялу ажыццяўляліся на легендарнай стакгольмскай Polar Studios пры ўдзеле прадзюсера Ленарта Остлунда, вядомага па супрацоўніцтве ABBA і Led Zeppelin.

Паведамляецца, што для дыска запісана 13 трэкаў, аднак пакуль невядома, ці ўсе яны патрапяць на рэліз. Над “Sitra Ahra” лідару гурта Крыстафену Ёнсану дапамагалі працаваць вакаліст Томас Вікстрэм, басіст Нале “Грызлі” Полсан і бубнач Ёхан Колберг. “Альбом атрымаўся эфектным і захапляльным – нават па стандартах Therion”, - распавядае Ёнсан.

Нагадаем, што апошнім на сёння рэлізам Therion з'яўляецца канцэртны дыск “The Miskolc Experience”, які складаецца з запісаў выступу гурта разам з сімфанічным аркестрам у межах венгерскага International Opera Festival у 2007-м годзе.

Фота: clips-online.ru