Токары з Барані спынілі страйк

Пра гэта Еўрарадыё распавёў прафсаюзны актывіст Васіль Леўчанкаў. Па яго словах, вярнуцца да працы рабочыя былі вымушаныя з-за адсутнасці забастовачнага фонду.  Леўчанкаў: "Яны працуюць з учорашняга дня, бо ў нас няма забастовачнага фонду. Грошы ж трэба... Два дні пабаставалі - і сталі працаваць. Але працаваць сталі з такой умовай, што калі не вырашыцца пытанне, то яны зноў адмовяцца ад працы".

Як раней паведамляла Еўрарадыё, токары завода "Лёс" у Барані на Аршаншчыне адмаўляліся ад працы. Яны патрабавалі, каб ім павысілі расцэнкі на 30% за зробленую працу.

Чакаць новага адказу ад адміністрацыі заводу экс-страйкоўцы збіраюцца тыдзень. Праўда, кажа Леўчанкаў, кіраўніцтва прадпрыемства абяцае падняць расцэнкі толькі ў наступным месяцы.