Толькі футбалісты могуць зарабіць у Еўропе

Насуперак чуткам пра фінансавыя праблемы, МТЗ-РІПА ўсё ж такі возьме ўдзел у футбольнай “Лізе Еўропы”. А вось 4 гандбольныя і 2 валейбольныя клубы з Беларусі сёлета еўракубкі прапусцяць. Прычына – фінансавы крызіс… Дырэктар мінскага гандбольнага клуба “Аркатрон” Сяргей Шкаруба кажа шчыра: грошай на ўдзел у “Кубку выкліка” шкада:

Сяргей Шкаруба: “Ну, гэта вялікія грошы. Не 10, не 20, не 30 мільёнаў, а нашмат больш. У нас іх папросту няма!”

У адрозненне ад футбола, гандбалісты на еўракубкавых матчах не зарабляюць. Дакладней, зарабляюць, але не ўсе. Працягвае Сяргей Шкаруба:

Сяргей Шкаруба: “Грошы зарабляюць на этапе ½, ¼ фінала. Мы пакуль туды не даходзім”.

Яшчэ адзін гандбольны клуб, што сёлета не паедзе ў Еўропу – “Гараднічанка” з Гродна, срэбны прызёр жаночага Чэмпіяната Беларусі. Аднак, паводле старшыні ТАА “Спартовы клуб “Гараднічанка” Мікалая Тадарашкі, каманда адмовілася ад удзелу ў “Кубку кубкаў” не праз фінансавыя прычыны:

Мікалай Тадарашка: “Мы плацім за ўдзел даволі сціпла. Напрыклад, унёсак у 1200 еўра на год. Гэта вельмі мала. А каб удзельнічаць у еўракубках, мы ўносім 300 еўра.

А адмаўляемся мы праз тое, што пачалася змена пакаленняў у камандзе. Сышло 6 гульцоў старэйшага ўзросту. Каманда маладая, і мы перспектываў гуляць у еўракубках не бачым”.

На змену пакаленняў спасылаецца і Аляксей Яцук, кіраўнік жаночага валейбольнага клуба “Атлант” з Баранавічаў. “Атлант” сёлета выйграў першынство Беларусі і мог бы паехаць на “Кубак ЕКВ”, але…

Аляксей Яцук: “Я б не сказаў, што крызіс… Каб гуляць у еўракубках, трэба, каб была салідная каманда. А ў нас, так бы мовіць, перазменка гульцоў. Моладзь у камандзе. Ну і вырашылі год не ўдзельнічаць. А іначай – што? Заявіцца, адна гульня – і ўсё…”

Праўда, раней і “Гараднічанка”, і “Атлант” прызналіся газеце “Прессбол”, што не будуць удзельнічаць у еўракубках менавіта праз фінансавыя праблемы. Так што “змена пакаленняў” выглядае ў вуснах прадстаўнікоў клубаў як дзяжурная адмазка, што не псуе іміджа.

А адзіны гульнявы спорт, дзе гуляючы ў Еўропе ўсё ж такі можна зарабіць, – гэта футбол. Прынамсі, у гэтам упэўнены Людас Румбуціс, дырэктар бронзавага прызёра мінулага Чэмпіяната Беларусі МТЗ-РІПА. Праўда, пакуль што памераў адлічэнняў ад удзела ў “Лізе Еўропы” ў Мінску не ведаюць:

Людас Румбуціс: “Гэта новы фармат, таму нават UEFA не ведае пакуль, якія будуць адлічэнні. Калі па “Кубку UEFA”, дык мы ведалі, якія яны будуць. Яны заўжды прыходзілі недзе ў сакавіку... Адлічэнні адбіваюць выдаткі на ўдзел. Цалкам”.

Паводле слоў Людаса Румбуціса, удзел у “Лізе Еўропы” грашовага ўнёска не патрабуе. Аднак выдаткі каманду трактарнага заводу ўсё роўна чакаюць, і немалыя:

Людас Румбуціс: “Гэта туды з’ездзіць, гэта гасцініца, гэта стадыён, калі гуляеш тут, гэта прыём дэлегацый... Вось і лічыце, колькі гэта каштуе!”.

Зразумела, што калі выдаткі вернуцца ў касу клуба, здымаць яго з удзелу ў еўракубках няма рэзону. Нават у такі крызісны час, калі МТЗ перайшоў на 3-дзённы працоўны тыдзень. Дырэктар МТЗ-РІПА Людас Румбуціс з крызісу толькі смяецца:

Людас Румбуціс: “Мне сёння распавялі анекдот... Я балдзею!

Як па нас ударыў крызіс: ядзім сыр з цвіллю, п’ем старое віно і ездзім на аўтамабілях са знятым верхам”.