Том Джонс выпусціць новы альбом у лістападзе 2008 году

25 лістапада 2008 году ў ЗША паступіць у продаж кружэлка Тома Джонса "24 Hours", якая складаецца амаль цалкам з новага матэрыялу. У апошні раз плыта з арыгінальнымі рэчамі Джонса выходзіла ў Амерыцы 15 гадоў таму, адзначае Associated Press. У 2000 годзе ў Еўропе ў спевака выйшаў альбом "Reload", які зрабіўся хітовым, аднак у ЗША яго так і не перавыдалі - на вялікі жаль Джонса.

У плыту "24 Hours" увайшлі два каверы - на песню Бруса Спрынгсціна "The Hitter" і на шлягер Томі Джэймса і The Shondells "I'm Alive". Бона і Эдж з гурта U2 прынялі ўдзел у запісу трэка "Sugar Daddy". Кружэлка спрадусаваная брытанскім дуэтам Future Cat, які працуе з Лілі Ален і Кейт Нэш. Кружэлка свядома зробленая ў рэтра-стылістыцы.

З 1965 году, калі Джонс выпусціў сінгл "It's Not Unusual", яго запісы разыйшліся тыражом больш за 100 мільёнаў асобнікаў. Цяпер Джонсу 68 гадоў, але ён па-ранейшаму лічыць сябе "канкурэнтаздольным" спеваком.

Фота: www.force-edition.com