Том Марэла – у начной варце

Гітарыст культавай хардкор-каманды Rage Against the Machine выпускае другі альбом пад псеўданімам The Nightwatchman. «Плытка будзе называцца «The Fabled City», і яна па-чартоўску завадная», - паведаміў Марэла выданню The Pulse of Radio.

Гітарыст нядаўна вярнуўся дадому з аўстралійскага і новазеландскага фэстаў Big Day Out, дзе Rage Against the Machine былі хедлайнерамі. «За апошні год я адыграў каля сотні шоў, думаю, я нядрэнна вырас як артыст, і пэўная колькасць энергіі і электрычнасці назапасілася ў мне за гэты час. Я жадаю перадаць усё гэта ў маім акустычным запісе. Не здзіўлюся, калі на мой другі альбом праточыцца пара высакавольтных гітарных сола і рыфаў», - прызнаўся ў інтэрв'ю Марэла.

Зрэшты, музыка не паведаміў нават прыблізна дату выхаду сваёй плыткі, сказаўшы ўсяго толькі, што яна павінна выйсці прыкладна сёлета.

Нагадаем, што яго першы запіс пад псеўданімам The Nightwatchman з назвай «One Man Revolution» з'явіўся ў красавіку мінулага года. Што датычыць іншых камандаў Тома Марэлы, Rage Against the Machine, напрыклад, то, аб'яднаўшыся летась дзеля некалькіх канцэртаў, яна плануе пацешыць фанатаў на шматлікіх еўрапейскіх фэстах сёлета.

А вось Audioslave, якія распаліся, па словах Марэлы, пакуль не збіраюцца выпускаць зборнік лепшых песень. Зрэшты, ёсць надзея, намякнуў музыка, што «зборнік нерэалізаванага матэрыялу Audioslave калі-небудзь пабачыць свет».

Фота: www.rollingstone.com