Тому Крузу забаранілі здымацца з-за веравызнання

Міністэрства аховы Нямеччыны забараніла рэжысёру Браяну Сінгеру праводзіць здымкі яго новага фільма "Валькірыя" на тэрыторыі вайсковых аб’ектаў часоў Другой сусветнай вайны. Паводле рэсурса Comingsoon.net, прычынай адмовы стаў удзел у праекце Тома Круза, саенталагічныя перакананні якога нямецкія вайскоўцы палічылі непрымальнымі.

Паводле прадстаўніка Бундэсвэра Харальда Камэрбаўэра, вайскоўцы зацікаўленыя ў аб’ектыўным адлюстраванні абставін замаху на Гітлера, якое зрабіла група афіцэраў вермахта на чале з графам фон Штауфэнбергам, ролю якога і павінен выконваць Круз. Але саенталогія не прызнаецца ў Нямеччыне царквой.

У адказ на гэта старшыня кінастудыі United Artists Entertainment і партнёр Круза Пола Вагнер заявіла, што погляды Тома гэта яго справа і ніяк не ўплываюць на сюжэт стужкі. А "натурныя здымкі ў Германіі будуць дапамагаць больш аб’ектыўнаму ўспрыманню гэтай драматычнай гісторыі".

Нагадаю, што ў фільме "Валькірыя" размова ідзе пра замах, які адбыўся 20 ліпеня 1944 года ў стаўцы Гітлера пад назвай "Логава воўка". У выніку выбуху Гітлер атрымаў толькі лёгкія раненні.

Дадам, што ў карціне акрамя Круза будуць здымацца Кэнэт Брана, Біл Наі, Том Уілкінсан і іншыя.

Фота: www.zone5.ru