The Toobes знялі “вандроўны” кліп і рыхтуюць максі-сінгл

10 снежня падчас канцэрта The Toobes у “Рэактары” адбудзецца прэзентацыя новага кліпа гурта, працоўная назва якога “30 тысяч кіламетраў”. Па словах “тубсаў”, кліп вытрыманы ў духу відэа гранж-гуртоў 90-х і прадстаўляе сабой відэанарэзку з гастрольнага жыцця каманды.

“У вандроўкі мы заўсёды бярэм з сабою відэакамеру і здымаем адзін аднаго, - кажуць музыкі. - Мы забаўляемся, плаваем у моры, тусуемся. Відэа перадае прыемныя пачуцці і ўражанні. Суцэльны пазітыў”.

Песню, для якой прызначана відэа, The Toobes пакуль трымаюць у сакрэце, аднак прыхільнікі “тубсаў”, якія прыйдуць на канцэрт, атрымаюць магчымасць не толькі пазнаёміцца з новым відэа, але і набыць новы максі-сінгл, прымеркаваны да выхаду кліпа.

The Toobes: “Калі мы паспеем, а мы стараемся, мы выпусцім максі-сінгл на гэтую песню. То бок шэраг варыянтаў гэтай песні: канцэртны, кліпны і гэтак далей”.

Паводле The Toobes, максі-сінгл з’явіцца ў інтэрнэце, а таксама выйдзе ў свет абмежаваным калекцыйным тыражом.

10 снежня ў клубе “Рэактар” гурт The Toobes з прэзентацыяй новага кліпа і гурт Green Pepper з прэзентацыяй дэбютнага альбома. Квіткі: ад 30 да 50 тысяч рублёў.