“Тот самый Фестиваль” збярэ эксперыментальныя тэатры Еўропы
І закладзе фундамент магутнага дыялогу тэатральных культур.
З 21 па 26 красавіка ў Мінску пройдзе “Тот самый Фестиваль”, які збіраецца адкрыць у Беларусі платформу для міжкультурных дыялогаў у сферы сучаснага тэатра.
Першы міжнародны фестываль эксперыментальных тэатраў цягам шасці дзён збярэ пад сваім крылом 18 тэатральных труп, 140 удзельнікаў і 12 адмысловых гасцей з 9 краін свету. Разам з гледачамі ўдзельнікі форуму штодзень з 10-й раніцы да апоўначы паспрабуюць рэалізаваць шматузроўневую праграму, якая базуецца на вулічных і пластычных спектаклях эксперыментальных калектываў Германіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Расіі і Беларусі. Апроч паказу конкурсных спектакляў, фестываль прапануе серыю майстар-класаў. Удзельнікі форуму атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з кантактнай імправізацыяй, навучыцца танцу буто, стаць удзельнікам вулічнага тэатра і не толькі.
Навіны і інфармацыя пра фэст даступныя на старонцы www.rondstudio.org.