Трактар "Беларус" скралі на МТЗ проста з канвеера

Сталічныя міліцыянты пачалі крымінальную справу пра крадзеж трактара з тэрыторыі Мінскага трактарнага заводу. Як паведамляюць "Беларускія навіны", трактар "Беларус-892" скралі з цэха афарбоўкі 30 верасня. Паводле папярэдніх звестак, здарылася гэта сярод белага дня, прыкладна ў 13 гадзін. Падазронымі ў злачынстве называюць чатырох работнікаў прадпрыемства. Іх затрымалі і пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Паводле версіі праваахоўнікаў, за заводскую браму машыну вывеў 40-гадовы трактарыст. А дапамаглі яму ў гэтым трое кантралёраў, якія дзяжурылі на прахадной.

Выкрадальнікам пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Трактар, які каштуе больш за 45 мільёнаў рублёў, яшчэ шукаюць. Міліцыянты не сумняюцца, што крадзеж быў заказны і цяпер "Беларус", верагодна, апрацоўвае гектары якога-небудзь украінскага фермера.