Трамп падзякаваў Лукашэнку за супрацу і сяброўства
Дональд Трамп / Anna Moneymaker / Getty Images
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў нядаўні абмен зняволенымі на беларуска-польскай мяжы.
У сваёй сацсетцы Truth Social ён заявіў, што дзейнічаў па просьбе польскага прэзідэнта Караля Наўроцкага і падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за сяброўства і супрацу:
"Мы толькі што дамагліся вызвалення трох польскіх і двух малдаўскіх зняволеных з беларускіх і расійскіх месцаў утрымання. Дзякуючы майму спецыяльнаму прэзідэнцкаму пасланніку Джону Коўлу мы змаглі прыкласці максімум намаганняў, каб гэтае вызваленне адбылося. Мой сябар, прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі, сустракаўся са мной у верасні мінулага года і прасіў мяне дапамагчы вызваліць Анджэя Пачобута з беларускай турмы. Сёння Пачобут на волі дзякуючы нашым намаганням. Злучаныя Штаты выконваюць абяцанні перад сваімі саюзнікамі і сябрамі. Дзякуй прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за яго супрацу і сяброўства. Так прыемна!" — напісаў Трамп.
Абмен вязнямі адбыўся 28 красавіка. У яго рамках у Польшчу вывезлі журналіста Анджэя Пачобута, актывіста польскай меншасці ў Беларусі. Паведамлялася, што аперацыю правялі КДБ Беларусі і агенцтва разведкі ў Польшчы, але агулам у аперацыі былі задзейнічаныя спецслужбы сямі дзяржаваў.