Трэнер “Фрайбурга” "наехаў" на Пуцілу за спазненне

Антон Пуціла спазніўся ў Фрайбург пасля матчу нацыянальных зборных Беларусі і Румыніі. 11 верасня новай камандзе беларуса давядзецца гуляць складаны матч са “Штутгартам”. Трэнер каманды Робін Дут разлічваў, што ўжо 8 верасня беларускі паўабаронца далучыцца да чырвона-чорных, але той з’явіўся ў горадзе толькі ўвечары. “Учора я размаўляў з Робінам Дутам, які мне выказаў сваё “Фі”, ― распавёў Еўрарадыё мэнэджар футбаліста Мікалай Шпілеўскі. ― Маўляў, чаму ён так позна прыехаў, чаму не паляцеў венскім рэйсам а 5-й раніцы і быў у Фрайбургу толькі ўвечары... У немцаў кожная хвіліна на ўліку”.

Тое, чаму ў Антона Пуцілы так зацягнулася развітанне з Радзімай, Мікалай Шпілеўскі пакінуў у таямніцы:

“Мне нават не хочацца пра гэта па тэлефона размаўляць. Але скажу, што трэба выходзіць на новы ўзровень дысцыпліны. Пасля гульні за зборную ― першым рэйсам для свайго працадаўцы. Цягам 10 гадзінаў! Гэта для Еўропы нармальна”.