Тры гады турмы за падпал уласнага дома
Да трох гадоў пазбаўлення волі асудзіў 48-гадовага жыхара вёскі Ціхан Уладзіміра Р. суд Ашмянскага раёна.
Грамадзяніна прызналі вінаватым у падпале ўласнага дома.
Як вызначыла следства, уначы 7 кастрычніка мінулага года Ўладзімір падпаліў дома ахапак саломы. Праз некаторы час у дзверы пастукала суседка, якая ўбачыла полымя. Уладзімір адчыніў і сам выйшаў на вуліцу. Распаленым агнём быў цалкам знішчаны дах, пашкоджаныя сцены.
У судзе "падпальшчык" прызнаў сваю віну і раскаяўся. З яго тлумачэнняў вынікала, што пасля сваркі з жонкай ён выпіў і хацеў, зладзіўшы пажар, скончыць жыццё самагубствам, піша "Рэгіянальная газета".