Тур: Да канца тыдня пачнецца фармаванне спісаў гандлёвых прадстаўнікоў

Органы дзяржкіравання і мясцовыя выканаўчыя камітэты да канца тыдня прыступяць да фармавання спісаў афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.
Паводле яго слоў, сёння працягваюць працаваць тыя, хто мае дамовы, заключаныя да 2 жніўня. Усе астатнія павінны падаць заявы ў адпаведныя органы, каб яны сфармавалі пералік гандлёвых прадстаўнікоў.

Тур адзначыў, што ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу прыняцце пастановы №991 павінна разглядацца як антыкрызісная мера.

Ён нагадаў, што пастанова Савета міністраў "не датычыцца набыцця тавараў у непасрэдных вытворцаў, тавараў, што ідуць на экспарт, дзейнасці ІП і фізасоб, а таксама пэўных відаў прадукцыі, закупкі якіх рэгулююць іншыя прынятыя прававыя акты", перадае “Інтэрфакс-Захад”.

Нагадаем, дакумент фактычна забараняе пасрэднікаў пры продажы як замежных, так і беларускіх тавараў. Юрасобы цяпер павінны набываць тавары толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.