Турыстам прапануюць маршрут “Беларусь: дарогамі рускай доблеснай славы”

У Гродне турыстам прапануюць маршрут “Беларусь: дарогамі рускай доблеснай славы”. Маршрут рэкламавалі на 5-м гарадскім турыстычным кірмашы, які адбыўся ў Гродне 8–10 траўня.
Ён праходзіць праз Ваўкавыск, Ружаны, Паддубна і Кобрын.

У Ваўкавыску перад усім вядуць у ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна, дзе захоўваюцца мундзіры рускіх салдат і афіцэраў 1812 года.

У Ружанах паказваюць Курган славы і танк Т-34, які стаіць на месцы баёў танкавых дывізій у чэрвені 1941-га.

У вёсцы Паддубна знаходзіцца капліца, пабудаваная да стагоддзя бітвы рускай арміі з аўстрыйскім і саксонскім карпусамі.

А ў Кобрыне турыстаў чакае музей Суворава.

Паводле супрацоўнікаў турфірмы, з дапамогай такога маршруту ў Беларусь прыцягваюць расіян.